Аннотация: Тэзысы з разважаньняѓ беларускага фiлёзафа Алега Бабкова
Алег Бабкоў. Некаторыя тэзiсы зь лекцыi "Гiсторыя беларускай думкi"
1. На мяжы 8-9 ст. - традыцыйнае грамадзтва з трох стратаў (групаў): сьвятары, ваяры, аратыя. На тэрыторыi Беларусi - сымбiёз балтаў i славян (прынамсi што тычыцца крывiчэй).
2. На мяжы 9-10 ст. - два магутныя цывiлiзацыйныя штуршкi, два ўдары, своеасаблiвая цывiлiзацыйная катастрофа для тагачаснага традыцыйнага грамадзтва. Адзiн удар - з поўначы, i гэта варагi. Другi ўдар - з поўдня, i гэта грэкi або Бiзантыя. Дзякуючы прыходу варагаў стракатая этна-культурная мазаiка замяняецца на рускiя княствы й княжаньне. Дзякуючы прыходу, (iнтэлектуальнаму й фiзычнаму) грэкаў адбываецца выцiсканьне з гэтай сацыяльнай структуры язычнiцтва й устанаўленьне на гэтым месцы цалкам iншай iнфраструктуры. Катастрофа таму, што грамадзтва, якое магло б iснаваць далей i арганiчна разьвiвацца, як, напрыклад, стараiндыйскае грамадзтва, перерабудоўваецца. Выбiваюцца дзьве групы, i ўзьнiкае тое, што мы можам назваць гiбрыднай сацыяльнай арганiзацыяй або структурай. То-бок на месца тутэйшых ваяроў прыходзяць варагi, з сваiм этасам i з сваiм тыпам культуры. На месца святароў прыходзяць грэкi.
3. Пачынаючы з 19 i ўсё 20 ст. iснуе доўгая традыцыя этнiчнай iнтэрпрэтацыi Русi. Асаблiва ў сучаснай расейскай культуры, дзе пэрыяд Русi цi Кiеўскай Русi стаў часткай гiстарычнай мiталёгii, генеалягiчнага мiту, i сфармавалася пэўная лiнiя пераемнасьцi. То-бок спачатку Кiеўская Русь, затым Маскоўскае княства й далей. Ясна, што ўжо ў 20 ст., асаблiва калi сам тэрмiн Русь i рускiя пачаў выкарыстоўвацца пераважна для абазначэньня велiкаросаў, нашых усходнiх суседзяў, то ўзьнiкла рэтрасьпектыўная рыэтнiзацыя гэтай сытуацыi. То-бок мы пачалi глядзець на Русь, якая паўстае ў 10-13 ст. праз прызму, воляй-няволяй, сёньняшнiх этнiчных стэрэатыпаў. Аднак Русь тых часоў ня мае нiякага дачыненьня да этнiчнасьцi, этнасу й да славянаў. Першае ўзгадваньне Русi - 839 г. у франкскай хронiцы "Вэртынскiя аналы". Сярод бiзантыйскiх паслоў франкi сустракаюць групу людзей, якiя самi сябе называлi Росьсю або Русьсю. Засьведчана, что гэтыя людзi - гэта сьвiёны або швэды, якiя прыехалi не зь сяброўскай мiсыяй, а як шпiёны, з адпаведным лёсам. Толькi зь цягам часу гэтыя скандынаўскiя плямёны (страта / група ваяроў) паступова непазьбежна славянiзуюцца.
4. Далей паўстаюць рускiя княствы й княжаньнi, сам тэрмiн Русь пачынае выкарыстоўвацца больш шырока, у дзяржаўным кантэксьце, i ўзьнiкае пiсьмовая традыцыя, якая сама сябе пачынае называць рускай. Сёньня гэтая мова называецца старарускай, i на гэтай мове ўзьнiкае цэлы шэраг пiсьмовых тэкстаў. Натальля Якавенка, украiнскi гiсторык, назвала гэтую старарускую мову кiеўскiм койнэ. Мелася на ўвазе, што хутчэй за ўсё не iснавала нiякага этнасу, якi быў бы натуральнiм носьбiтам старарускай мовы. Як тагачаснае грамадзтва было грамадзтвам гiбрыдным, i розныя ягоныя страты (групы) належалi, па-сутнасьцi, да розных этнасаў, iснавалi ў розных традыцыях, то ўзьнiкла патрэба ў мове камунiкацыi, не прывязанай да пэўнай тэрыторыi. Хутчэй за ўсё на аснове кiеўскiх славянскiх дыялектаў i ствараецца рускае койнэ, на якiм зьяўляюцца пэўныя тэксты. I гэтыя тэксты абслугоўваюць тую самую княскую традыцыю, тую самую Русь, якая помнiць аб сваiм скандынаўскiм паходжаньнi.
5. Зь iншага боку з поўдня прыходзiць грэцкая вера, зь iншым койнэ, зь iншай мовай, стараславянскай. Гэтая стараславянская мова, паводле этнiчнага субстрату, зьяўляецца старабалгарскай або старамакедонскай. I гэтая мова таксама вельмi рана адрываецца ад этнiчнай базы й пачынае выкарыстоўвацца як лiнгва-франка. Стараславянская мова, па-сутнасьцi, iснуе только ў асяроддзьзi славянiзаваных элiнаў цi элiянiзаваных славянаў, то-бок на балгарска-македонска-грэцкам памежжы, якое цягам наступных трох-чатырох стагодзяў будзе пастаўляць асноўную масу клiру, якi будзе прыязджаць на паўночныя тэрыторыi й ствараць аўтаномную традыцыю стараславянскае мовы.
6. У расейскай гiсторыi, лiтаратуры, i ўвогуле ў расейскай культуры шмат сэнтыментальна-патрыятычнай рыторыкi ў дачыненьнi да старарускага пэрыяду. Гэта мы можам прачытаць i ў Лiхачова, i ў Панчанкi, i нават у Аверынцава. Яны шмат пiшуць пра эпiчны стыль, пра патрыятызм зямлi рускай. Гэта хутчэй зацямняе рэальную сытуацiю. А рэальная сытуацыя - гэта сытуацыя гiбрыднага шматслойнага грамадзтва, у якiм ствараюцца лiтаральна новыя пiсьмовыя мовы, пiсьмовыя традыцыi. Але калi аб'ектыўна глядзець на месца гэтых тэрыторыяў у тагачаснай Айкумэне, абжытым эурапейскiм сьвеце, то гэта, канечне, паўночныя правiнцыi Бiзантыi, асаблiва ў культурным, iнтэлектуальным сеньсе. Да 15 ст., калi казаць пра клiр, толькi 2 чалавекi з усяго клiру былi ня грэкамi. Усе астатнiя былi прыезджыя, якiя выконвалi пэўную цывiлiзацыйную мiсыю й закладалi гэтую традыцыю.
7. Цягам 10-13 ст. паўстае Русь ня проста як тэрыторыя, ня проста як дзяржаўнае ўтварэньне, а як пэўны культурна-iдэалягiчны комплекс. То-бо як пэўная iдэнтычнасьць або, у некаторым сэньсе, як пэўная iдэя. I гэтая iдэя была вельмi складаная, у непасрэдным сэньсе слова. Яна складалася зь дзьвюх моваў, якiя абслугоўвалi дзьве страты (групы): сьвятароў (грэцкую веру) i княскую традыцыю. I асноўная маса насельнiцтва, то бок тыя самыя рэшткi традыцыйнага грамадзтва, застаюцца ў вёсцы, сярод тых самых аратых, якiя пазбаўленыя свайго iнтэлектуальнага або духоўнага складнiку i свайго воiнскага складнiку. Вёска iснуе нiбыта зьверху, усе гэтыя хвалi яе не кранаюцца. I гэтая вёска зьберагае тыя самыя рэшткi традыцыйнай культуры, якая арыентаваная на рытуал, на ўзнаўленьне касьмiчнага цыклу.
8. Далей да грэцкай веры далучылася лацiнская вера, потым нямецкая вера (пратэстантызм), потым вунiя, потым прыйшлi габрэi зь юдаiзмам, мусульманства. Усё гэта склалася ў стракатую карцiну. Воiнскiя элiты iснавалi ў межах рускай традыцыi, потым - у межах лiтоўскай традыцыi, затым (у Рэчы Паспалiтай) - у межах польскай традыцыi. То-бок элiты мянялi мовы, геапалiтычная арыентацыi й саму iдэнтычнасьць, у залежнасьцi ад таго цi iншага культурнага пэрыяду. Адным з iнварыянтаў (нязьменных частак) застаецца беларуская вёска, якая ад канца 9-10 ст. i да канца 20 ст. па-сутнасьцi ўяўляе зь сябе адзiн i той жа тып культуры.
9. Прыкладна з 12-13 ст. стараруская мова, альбо кiеўскае койнэ, пачынае лякалiзавацца, то-бок на розных тэрыторыях усё гэта пачынае выглядаць па-рознаму. I гэтая пiсьмовая традыцыя, так званая стараруская, усё больш i больш усмоктвае мясцовых словаў i ўжо, па-сутнасьцi, ператвараецца ў старабеларукую мову. Але, як традыцыя ўжо склалася, то гэтая старабеларуская мова працяглы час, практычна да самага канца, называе сябе рускай. Франьцiшак Скарына перакладаў на паспалiтую, рускую мову, а не на старабеларукую. Гэты мы, ужо рэтрасьпектыўна, называем яе старабеларускай. Але гэтая руская мова ня мае дачыненьня да сёньняшняй Расеi й да маскоўскай традыцыi.
10. Аканьчальнае атаясамленьне Русi з усходнiм суседам адбылося толькi ў 17-18 ст. Аканьчальна ў 19 ст., але самi маскавiты паверылi ў тое, што яны рускiя толькi ў 17-18 ст., i тое дзякуючы кiеўскiм кнiжнiкам, якiя масава уцякалi з Рэчы Паспалiтай. Гэта былi выпускнiкi Кiева-Магiлянскай акадэмii, якiя былi адукаванымi, але якiх не цанiлi на радзiме, у Рэчы Паспалiтай. Гэта яны стварылi теорыю "Масква - трэцi Рым" i навязалi па-сутнасьцi аўтархiчнай (самадастатковай) маскоўскай традыцыi рускi мэсiянiзм, iдэю выратаваньня суседзяў па веры. Пра гэта напiсаныя манаграфii (пераважна ўкраiнцамi Гарвардзкага ўнiверсiтэту), то-бок дакладна прасочана як рускасьць зьмяналася i трансфармавалася цягам гiсторыi i як, нарэшце рэшт, супала зь велiкарускасьцю.
11. Дагэтуль усё было ня так проста. У вынiку пэрыяду раньняга й сьпелага сярэднявечча мы маем тры вырыянта рускасьцi.
12. "Русь маскоўская", праваслаўная - гэта заўсёды аўтархiчная, закрытая традыцыя, якая хутчэй не пушчае да сабе iншаземцаў i iншаземныя ўплывы, якая разьвiваецца з сваiх уласных элемэнтаў.
13. "Русь украiнская" - гэта Русь аўтахтонная, якая натуральным чынам пераходзiць ў сёньняшнюю Украiну, i пры гэтым гэта Русь абаронча-мадэрнiзацыйная. Гэта Русь, клясiчным узорам якой можа зьяўляцца Кiейска-Магiлянскi калегiюм (потым акадэмiя), якi функцыянуе цягам 16, 17, 18 ст. i гатовiць зацятых абаронцаў грэцкай веры, прычым у Рэчы Паспалiтай, на тэрыторыi працiўнiка, дзе пануе лацiнская вера, лацiнскае хрысьцiянства. Iх гатовяць на лацiнскай i пальскай мовах, праграма калегiюма (акадэмii) цалкам сьпiсаная з праграмы Вiленскай езуiцкай акадэмii. Кiеўская прафэсура падпраўляе ўсе дагматычныя разыходжаньнi, якiх насамрэч ня вельмi шмат. Пры гэтым гэта актыўныя абаронцы грэцкае веры i праваслаўнае традыцыi. Гэта Русь, якая не заканьчваецца з разгромам Кiева татарамi ў 13 ст., а якая далей працягваецца: мы маем кiеўскi рэнэсанс 15 ст. i потым Кiева-Магiлянскую акадэмiю. Украiнцы актыўна спрачаюцца, палемiзуюць з прыхiльнiкамi лацiнiзму i зьмяняюцца пад яго ўплывам.
14. "Русь беларуская" альбо нашая частка, нашая роля, нашая вэрсыя Русi або рускай традыцыi - хутчэй гiбрыдна-сымбiятычнага тыпу. У нас не спрачаюцца, але пры гэтым уваходзяць у пэўны сымбiёз. Клясiчны прыклад - гэта вунiя, так званы грэка-каталiцызм, якi па-сутнасьцi зьяўляецца своеасаблiвым перамiр'ем памiж грэцкай i лацiнскiмi верамi.
15. Калi паглядзець як пiшыцца гiсторыя 10-15 ст., што выкладаецца ўкраiнцам, беларусам i расейцам у школах, то расейцы гэта выкладаюць як сваё, для iх пераход ад Кiеўскай Русi да Маскоўскай выглядае ўжо чымсьцi натуральным. Украiнцы спрабуюць адабраць у расейцаў гэтую гiсторыю i, адпаведна, пiшуць пра тое, што гэта частка украiнскай гiсторыi, штучна прысвоеная ўсходнiм суседам. Беларусы пiшуць беларускую гiсторыю тых часоў як гiсторыю полацкага сэпаратызму, полацкай партызанкi, пра тое, як полацкiя князi, i ня толькi полацкiя, пры любой магчымасьцi, iмкнулiся адарвацца й на сваiм "хутары" ўладкаваць уласнае асобнае жыцьцё.
16. Адпаведная стратэгiя абiраецца праз тое, што мусiць быць гiстрачны наратыў. Па вялiкаму рахунку Русь, якая паўстае ў 10-13 ст., не належыць анi беларусам, анi ўкраiнцам, анi расейцам. Яна належыць сама сабе, i сёньняшнiя нашыя культуры - гэта культуры, якiя спрабуюць цi не спрабуюць прысвоiць сабе гэтую традыцыю. Расейцы спрабуюць прысвоiць яе цалкам i пры гэтам не заўважыць беларусаў i ўкраiнцаў, то-бок гэтыя два варынты разьвiцьця рускасьцi. Украiнцы спрабуюць адабраць у расейцаў целае, хаця гэта iм не патрэбна. Украiнскi гiсторык, доктар навук, А. Талочка пiша, што ва ўкраiнскiм нацыянальным каноне Кiеўская Русь шануецца, але не выкарыстоўваецца. У аснове ўкраiнскай культуры ляжыць казацкi мiт i зусiм iншы гiстарычны пэрыяд, i тут або Кiеўская Русь, або казацкая Ўкраiна.