Жаніўся Глеб. Маці хвалявалася. А бацька праяў ляў спакой, той уласцівы яму спакой, падсолены іроніяй, які ціхмяную i сапраўды спакойную — не ў прыклад мужу — Вольгу Андрэеўну абураў i злаваў. Такое абурэнне ігрой мужа ў абыякавасць за трыццаць гадоў сямейнага жыцця апаноўвала яе не многа разоў, ды i калі тое было — у маладосці, калі яна не спазнала яшчэ ўсе таямніцы мужавай душы, не раскусіла, што ў большасці выпадкаў гэта сапраўды была ігра, забава яго. У другой па лавіне ix шлюбу, калі падраслі сыны, такое, бадай, не здаралася; i за іроніяй яна бачыла яго бацькоўскі клопат.
А тут такая падзея — жаніцьба сына, малодшага! Першае вяселле ў сям’і, а яму жарцікі, смяшкі, ды яшчэ пасля таш, як сам жа бязлітасна нагрузіў яе — перанёс вяселле з рэстарана ў свой дом.
Не, не перанос вяселля, не мужавы жарты ў адрас маладых, сватоў расстроілі яе, а непадробная абыя кавасць да Барысавай тэлеграмы, што прыляцець ён можа толькі на два дні, на пятніцу i суботу Дурное начальства — не можа адпусціць афіцэра — i якога афіцэра! — на братава вяселле. Ізноў-такі не спакой мужаў да такой кароткай пабыўкі сына ўзбунтаваў Вольгу Андрэеўну, а яго нежаданне перанесці вяселле з нядзелі на пятніцу. Не абышлося без крутой размовы. Яна не ўяўляла вяселля без Барыса. Як так? Прыляціць ён на два дзянькі напярэдадні вяселля, кал i ўсе будуць у клопатах, калі i налюбавацца на яго не будзе хвіліны… Упартасць мужава была тым больш незразумелая, што Ірына i Глеб з радасцю згадзіліся наблізіць вяселле.
Калі Вольга Андрэеўна, атрымаўшы тэлеграму (было гэта ў сераду), пазваніла Ірыне ў паліклініку, дзяўчына ледзьве не заспявала. Тут жа пазваніла бацьку, каб прыслаў машыну, i ўвечары з’ездзіла ў Прыпяць. А пакуль не ходзіць паром, трэба бы ло зрабіць добры круг. Але што такое i паўтары сотні кіламетраў, калі ёсць прычына пабачыць жаніха, прывезці яму звестку пра набліжэнне вяселля!
Усе за перанос вяселля, адзін бацька — са сваімі жартачкамі: «Што, не церпіцца ім? Дык упэўнены: шлюбнай ночы яны не чакалі».
Між іншым, жарт гэты пакрыўдзіў Вольгу Андрэеўну, бадай, абразіў: як бы дакор ёй, першы за жыццё, бо яна таксама некалі не дачакалася шлюбнай ночы. I за Глеба было крыўдна, лічыла малодшага сына чысцейшай душой, такім жа ідэалістам, як сама.
Але як ні ведала Вольга Андрэеўна мужа, на гэты раз яна памылялася, калі лічыла, што спакой яго i абыякавасць да падзеі, якая мае адбыцца, натуральный. Не, Уладзімір Паўлавіч хваляваўся, можа, не менш, чым яна, маці, толькі па-мужчынску, умела хаваючы свае пачуцці. Ды i дзіўна было б, калі б старшыня райвыканкома размяк ад звычайнай жыццёвай падзеі — жаніцьбы сына. Лічыў так. І аднак жа хваляваўся. Спачатку высмейваў сябе за гэта лагодна, пас ля — бадай са злосцю: «Рассіропіўся, стары дурань».
Звычайна свой ранні працоўны дзень пачынаў з таго, што з галавой акунаўся ў клопаты — званіў у вобласць, у калгасы, выклікаў загадчыкаў аддзелаў, кіраўнікоў праднрыемства, службаў. З некаторымі жартаваў, іншых уедліва прабіраў — раённых чыноўнікаў, асабліва ў сферы жыццезабеспячэння. Аднойчы яму на партканферэнцыі ўжо выказвалі, што ён па-рознаму адносіцца да людзей — да тых, што робяць на зямлі, i да тых, што сядзяць у канторах ці стаяць за прылаўкамі магазінаў. А сам, маўляў, дзе сядзіш — не ў канторы? Аднак ніхто не пасмеў кінуць камень, што i ён з той жа катэгорыі — чыноўнікаў. Пры ўсім сваім іранічным стаўленні да іншых i да сябе ён папрок адмёў бы. Іранізаваць мог. Але работу яго — не чапай, пра дзейнасць сваю ён меў асобную думку.
У тую раніцу, на здзіўленне супрацоўнікаў, Уладзімір Паўлавіч нікога не выклікаў i нікуды сам не званіў, коратка адказваў на званкі, без жартаў.
Выбівала ca звычайнага рытму не само хваляванне — без яго Пыльчанка не жыў,— а тое, што душэўны шквал яго нязвыклы, незнаемы. Ен не мог нават зразумець прычыыу. Ад чаго такая бура? Самому факту жаніцьбы сына ён радаваўся. Перанос вяселля? Але яго больш абурыў першы перанос — не па жаданні Вольгі ці Глеба, ці хітруна Пустахода, будучага свата.
З Пустаходам яны лёгка i весела абгаварылі ўсе дэталі ўрачыстасці яшчэ тыдні два назад, пакліка лі дырэктара рэстарана, зрабілі заказ. A гадзіны праз дзве-тры пазваніў Сінякоў.
«Вы што — думаеце рабіць вяселле ў рэста ране?»
«А дзе ж яшчэ?»
«Ca спіртным?»
«А якое вяселле без чаркі? Народ асудзіць, Пятро Міхайлавіч!»
«Народ! Забылі, у які час жывём? З работы за хацелі вылецець? Ды вы… бог з вамі, каб аднаму вам знеслі галаву. Райком падведзяце… Лепшага старшыню калгаса выб’еце нам з сядла. А Глеб ваш не промах».
Пыльчанку перахапіла дыханне. Ад абурэння. Якое хамства! У чым Глеб не прамахнуўся? Вы ходзіць, падбіраў багатую нявесту? Такая сакратарова думка пра яго сына бадай абразіла.
I Пыльчанка секануў фамільярна:
«Лічы, Пятро Міхайлавіч, што Глебу нявесту я выбіраў. Мядок Пустаходаў мне падабаецца».
Сакратар засоп у трубку — навучыўся разумець падтэксты ў Пыльчанкавых словах, часта нібыта i далёкія ад тэмы дыялога. Збавіў ход: «Справа гаспа дарская. Мая задача — папярэдзіць».
«Добра. Будзем піць дома, за зачыненымі дзвяра мі», — зноў жа, як кажуць, па вачах: мог Сінякоў выпіць, грэшныя абодва, але ён, Пыльчанка, любіў пагуляць адкрыта, а Пятро Міхайлавіч i да антыалкагольнага закону рабіў гэта пад коўдрай. Але гэта, мабыць, не дайшло. Сінякоў добразычліва засмяяўся ў трубку.
«Раю яшчэ адно. Не рабі шуму на Першамай».
«Чаму?» — ужо зусім шчыра здзівіўся Уладзімір Паўлавіч.
«Моладзь не зачыніш. А дом ваш на бойкім месцы Людзі дэманстраваць будуць, а савецкая ўлада гарэлку п’е, гуляе».
«Не гулянка гэта, а вяселле. Народная традыцыя. Якой не адна тысяча гадоў. А што да людзей, то, калі мы сядзем за стол, яны таксама будуць за сталамі. I даю вам слова, што піць будуць не райспажыўсаюзаўскі квас, хоць мы i забаронім перадсвяточны продаж. Вось тут… у сувязі з нашай мудрай пастановай… вы маеце рацыю: мне i маім гасцям лепш выпіць да свята».
Вось так i пераносілі вяселле — усё бліжэй i бліжэй. На радасць маладым.
Магчыма, гэта i ўзбунтавала Уладзіміра Паўлавіча — што ён усім уступаў. Але калі яшчэ i з-за Барыса трэба ламаць парадак… Барыс ламаў хаду падзей усё жыццё. Любімчык яго, першынец, з малых гадоў «выкідваў конікі» i нямала папсаваў нерваў i маці i яму.
Два гады назад выкінуў «каронны нумар» — папрасіўся ў Афганістан. За год, пакуль ён лятаў на баявыя аперацыі, маці пастарэла на дваццаць гадоў — не спала, не ела.
Вярнуўся з ордэнам. Прыехаў на пабыўку — узбунтаваў усю моладзь райцэнтра, ён, бацька, радуючыся пабыўцы сына, жыў ca страхам, як бы старшы лейтэнант не ўліп у авантуру. Кажуць, дзіця такі зрабіў адной вароне. Але замнога матак стараліся, каб ажаніць яго са сваімі дочкамі, таму, мабыць, i не знайшлося той, разумнай, якая ўгаманіла б яго. Усе дурніцы — для Барыса. Яго легкадумнае, зняважлівае стаўленне да дзяўчат вельмі засмучала маці.
Зусім іншы характар у Глеба. Пяць гадоў назад, калі толькі ён прыехаў сюды, сын-студэнт напрасіўся паездзіць з ім па раёне, паглядзець, як жывуць палешукі. Абедалі ў старшыні калгаса Пустахода, на пасецы, на беразе Прыпяці. За гаспадыню была дачка Івана Іванавіча, студэнтка медінстытута. I вось: ён вучыўся ў Кіеве, яна — у Мінску, сустракаліся тут на канікулах, па святах. Шэсць гадоў вернасці. Не па-сучаснаму. Чаго добрага, такія ідэалісты сапраўды маглі чакаць шлюбнай ночы. Вольга ў захапленні ад такой вернасці. А ён, грэшны, каб даведаўся, што сын такі нявіннік, напэўна, перастаў бы паважаць яш. Яму больш імпануе гуляка Барыс, па вачах анёл, а па спрыту разбойнік.
Сам быў такім, Вольга i цяпер часам шпіляе за яго даўнія-даўнія грахі.
Уладзімір Паўлавіч усміхнуўся гэтым думкам i ўспамійам, яны развесялілі яго, такімі вось думкамі можна выраўняць свой настрой.
Уласна кажучы, чаму ён так заводзіцца? Утаймуйся, Валодзя! Але… нялёгка зразумець настрой іншых людзей, няпроста, выходзіць, растлумачыць прычыны i свайго ўласнага настрою. Раздражнёнасць, нават такую — беспрычынную, скіраваную на чужых i блізкіх, ён яшчэ можа зразумець, нешта падобнае здаралася i раней. А вось адкуль такая трывога? Здаецца, радавацца ды радавацца трэба. Дык не ж. Хіба не радасць жаніцьба Глеба, прылёт з Закаўказзя Барыса? Нават вясна павінна настройваць на радасць. Тыдзень стаіць не красавіцкая — чэрвеньская пагода. Спякота ўдзень, цяплынь уначы. Стань паглядзі — i ўбачыш, як расце трава, распускаюцца дрэвы. Учора яшчэ на каштанах былі набрынялыя карычневыя пупышкі, а сёння вунь проста на вачах выстрэльваюцца зялёна-ружовыя лісточкі — ажно вочы слепяць.
Уладзімір Паўлавіч стаяў перад адчыненым акном, глядзеў на каштаны, якія праз дзень-два кронамі заслоняць плошчу, зацямняць кабінет так, што ў хмарныя дні прыходзіцца ўключаць святло. Ix чысцілі, падразалі, але каштан — не таполя, грунтоўнай абрэзкі не любіць, старшыня забараніў абкарнаць ix так, як таполі на другім баку плошчы — адны ствалы тырчэлі, як пасля бамбёжкі. Безумоўна, хутка выганіць маладыя парасткі, разрастуцца зялёныя шары, але цяпер на такія дрэвы глядзець непрыемна, не памагаюць яны выраўнівацца настрою. Іншая справа каштаны, яшчэ большая любасць — чаромха. Глядзеў уніз з другога паверха і… пераконваў сябе, што бачыць, як растуць пяшчотныя лісткі. Такое ўгляданне ў дрэвы i кусты, разважаені пра адвечныя цуды прыроды на нейкі час адцягвалі думкі ад клопатаў сямейных, рабочых, нават пераставала брыдка смактаць сэрца незразумелая трывога. Красуй, прырода, красуй, радуй людзей! Радуйся i ты, Уладзімір Паўлавіч! Жэніцца сын! Сёння. Каб ён быў звычайны чалавек, дык варта было б памагчы жонцы. Але ён дзяляга, чыноўнік, бюракрат, а не чалавек. Вольга пакрыўдзілася за пазаўчарашнюю размову, таму i не папрасіла ніякай дапамогі ад яго. Хатняй. Можа, ад таго i на душы пагана. Праўда, ён патурбаваўся, каб памагчы ёй. Заказаў закусь ў рэстаране. Пазваніў Пустаходу, папрасіў прыслаць адну с нявесціных сясцёр памагчы Вользе Андрэеўне.
«У цябе там гаспадынь хоць адбаўляй, a ў жаніха — адна маці. Хацеў кухара паслаць — адмовілася».
Сват адгукнуўся на просьбу з разумением. Але, разважыўшы, Уладзімір Паўлавіч падумаў, што наўрад ці ўхваліць Вольга яго ініцыятыву, напэўна, не ў традыцыі гэта — прасіць такой дапамогі ў бацькоў нявесты, заклікаць на падрыхтоўку вяселля кагосьці з ix боку, тым больш сястру нявесты.
«Трэба пазваніць Вользе, каб не ўздумала адаслаць назад дзяўчыну. Жаночыя дзеянні немагчыма прадбачыць. Пакрыўдзяцца Пустаходы».
Трэба. Але чамусьці не хацелася званіць, i гэта таксама раздражняла i выбівала з душэўнай раўнавагі.
Увайшла сакратарка, паклала на стол пошту i гэтак жа нячутна выйшла — ні крокаў, ні скрыпу дзвярэй. Нават гэта раздражняла. Раней Ліда хадзіла ў чаравічках на высокіх абцасіках, i яму падабаўся стук яе абцасікаў, ні ў каго з супрацоўніц такіх не было — што музыка, ён пазнаваў яе крокі далека на лесвіцы, у калідоры. I раптам Ліда перайшла на нейкія вельмі ж мяккія басаножкі. Ён не адразу ўгадаў прычыну, пакуль не сказала яго намесніца Кацярына Панасаўна, што Ліда цяжарная.
Ён здзівіўся ca сваёй нездагадлівасці, пакпіў з гэтай нагоды ў прысутнасці Вольгі: «Моцна ж я пастарэў, калі не дапяў сваёй сівой галавой да такога адкрыцця». I на другі ж дзень сказаў дваццацігадовай сакратарцы — Лідзія Сяргееўна, збянтэжыўшы маладзічку.
А цяпер нядобразычліва падумаў:
«Бегае, што мыш».
I наконт дзвярэй — сам упікнуў гаспадарніка, што яны «спяваюць». Падначаленыя пастараліся, каб дзверы сталі абсалютна бясшумнымі. Зноў, выходзіць, блага: ніякага скрыпу. Добра, што з вуліцы — гама гукаў. Празвінеў у недалёкай школе званок, хлынуў лівень дзіцячых галасоў, смеху. I толькі гэта пацешыла. Падумаў: «У такія незвычайна цёплыя дні — у поле б ix, у лес, дзяцей». Прыгадаў, як прагульваў урокі сам i як часта гэта рабіў Барыс. Во сарвігалава! Здзівіўся, калі сын пайшоў у ваеннае вучылішча i прыжыўся там. Праўда, калі вярнуўся з Афганістана i прыехаў на тыдзень дадому, то насцярожыў i спалохаў нават бацьку, здалося, што ў ім як бы нешта зламалася. Весялосць яго стала нейкай нервовай і, можа, нават цынічнай. Хацеў пацешыць сына рыбалкай, але хутка ўбачыў, што былы зацяты рыбак сумуе. Расчараваў. Справы раёна лётчыка мала цікавілі. I ўвогуле палітыка. Адны жанчыны цікавілі. Гэта шакіравала маці. Як ёй хацелася, каб Барыс ажаніўся! Праціўніца зводніцтва, яна ператварылася ў сваху, сама знаёміла сына то з адной, то з другой дзяўчынай. Наіўная жанчына. За дзесяць дзён, якія былі адпушчаны Барысу на пабыўку, i ў наш час нялёгка ажаніцца. Ды i што б гэта быў за саюз? Мусіў нават «цыкнуць» на жонку:
«Ты знаёміш, а ён, зладзюга, ламае ім жыццё. Пасаромейся, праведніца!»
Радаваў Глеб — сваім пастаянствам. З урокаў не ўцякаў, дзяўчат не мяняў. I любоў яго да прыроды, як, напэўна, i да Ірыны, расла, мацнела. У маленстве, у юнацтве рыбачыў, як усе яны, Пыльчанкі, але без асаблівага імпэту, стрымана, а потым стаў паступова запятым рыбаком, прафесіяналам, прафесарам. Можа, таму пасля інстытута i папрасіўся сюды — у Прыпяць i на Прыпяць. Не, сюды дамогся накіравання з-за Ірыны i з-за маці — каб бьщь бліжэй да дому. Вось i напярэдадні вяселля недзе рыбачыць са сваімі сябрамі-атамшчыкамі. Хоць якая рыбалка па такой вадзе! Рака яшчэ не ўвайшла ў берагі. Рыба гуляе на лугах.
Думы мае, думы, ліха мне з вамі! Што гэта вы так апанавалі сёння? А трэба пазваніць Сабаленку: чаму ўчора, па зводцы, у яго знізіўся надой? Хоць — каму гэта трэба? Інерцыя. Гаворым столькі слоў аб гаспадарчай самастойнасці, аб разліку, а апякаем па дробязях. Сабаленку, як i іншым старшыням, дырэктарам, малако гэтае i мяса спаць не дае, а мы ix падганяем, тузаем. Недарэчна тое, што, першы, безумоўна, даўно пазваніў сам, а можа, i з’ездзіў ужо, бо любіць ранішнія вылазкі — каб ніхто не спаў i каб дакорам было ўсім іншым: я, маўляў, паўраёна аб’ездзіў, а вы седзіце. Аднак усё роўна спытае: а што там у Сабаленкі? I паспрабуй не адказаць — станеш нядбайным вучнем строгага настаўніка. Сказаць, можа, нічога i не скажа, але што падумае — вядома. I гэта абражала Уладзіміра Паўлавіча — што пра яго думае Сінякоў. Па логіцы, па розуму, усё павінна быць наадварот: Пятро павінен быць яго вучнем — i па ўзросту, i па вопыту. Добра, што ў яго хапае вытрымкі i ён даўно навучыўся гонар свой i ўсё іншыя пачуцці заціскаць у кулак. Кукіш у кішэні — непрыгожы жэст, але ён памагае абараніцца ад начальства вясёлай іроніяй.
Аднак якая цяплынь напярэдадні Першага мая! Дзеці на школьным двары ганяюць мяч у адных майках. Шчаслівыя. А яму зараз трэба ісці… на галгофу.
Уладзімір Паўлавіч глянуў на гадзіннік над дзвярамі. Некалі ён быў супраць таго, каб у кабінеце вешалі гадзіннік. А пасля ацаніў ноўства: памагае эканоміць час. Глянеш на гадзіннік, на ручны гэтак зазіраць не заўсёды ёмка, — i гаваркі наведвальнік, асабліва з падначаленых, здагадваецца, што трэба закругляцца — старшыня чалавек заняты.
Стрэлкі імкліва набліжаліся да лічбы 10. Пятніца — прыёмны дзень. Вось-вось трэба спускацца ўніз, у прыёмную, дзе яшчэ дзве гадзіны назад, як адчыніліся дзверы, тоўпіліся людзі, займалі чаргу. Некалі, маладзейшы, Пыльчанка любіў прыёмы — цікава было ўнікаць у чалавечыя характары. Апошнім часам баяўся ix, настрою свайго — сарвацца баяўся. Нідзе i ніколі ён не адчуваў сябе такім чыноўнікам i бюракратам у горшым сэнсе гэтага i без таго абразлівага вызначэння, як у час прыёму прасіцеляў. I нідзе ён не адчуваў гэтак сваё бяссілле, безуладдзе, бо нідзе ў такім канцэнтрава ным выглядзе не выступала сацыяльная няроўнасць, несправядлівасць. Нават там, дзе абавязкова трэба памагчы чалавеку, у старшыні не хапае ні срод каў, ні правоў.
Амаль чвэрць стагоддзя, як ён працуе — у камсамоле, у партыі, у саветах. Друк, тэлебачанне крычалі аб росквіце, дабрабыце, шчасці, i сам ён гаварыў такія ж прамовы i — што парадаксальна! — у маладосці верыў у сацыялістычны рай, хоць штодня бачыў навокал людзей, якія туліліся ў бараках, жылі на дваццаць, трыццаць рублёў пенсіі, a ў калгасах жанчыны неслі з такоў збажыну ў халявах ботаў, у навалачках, абвязаўшы імі свае худыя целы, падцягнутыя жываты. Усе неслі. Усе кралі. I не таму, што дрэнныя людзі, зладзеі, а таму, што не спадзяваліся на а плату, за якую можна карміць дзяцей.
Вялікім дабром стала гарантаваная аплата. Але ўсё роўна сяло, зямля не прываблівае, уцякаюць людзі, хоць у Беларусі, яшчэ, як кажуць, бог начуе. Цяпер ад сялян менш за ўсё ююпатаў, больш — ад гараджан (а які гэта горад — тое ж сяло!), аднак статус людзей іншы i патрабаванні іншыя.
Цяпер, урэшце, пачалі гаварыць праўду аб умовах жыцця. Галоснасць дала людзям смеласць, настойлівасць. На мінулым прыёме рабочы мэблевай фабрыкі, расчараваны, шыбнуў у старшыню не словы — каменне.
«Сам ты заняў даміну на сем пакояў на дваіх з жонкай, а мае дзеці ў падвале».
Пакояў чатыры, але не ўпікнеш за перабольшанне, не станеш даказваць. Ды i што дакажаш! Пасля падобных прыёмаў адчуваў такі душэўны разлад, такую фізічную стомленасць, што ўстрывожыўся за здароўе сваё.
Нічога асаблівага не здарылася. Аднак прыёмаў пачаў баяцца. Дакараў сябе, Вольгу папрасіў, каб уплывала, i яна ўплывала — усё жьщцё настойвала, ідэалістка i гуманістка, на дабрыню, на дапамогу людзям. I, аднак, ён знаходзіў зачэпкі, апраўданні, каб перакінуць прыёмы на намеснікаў. «Яны маладыя, ім трэба вывучаць жыццё». Але нехта паскардзіўся Сінякову, што старшыня не вядзе прыёмаў, ці са сваіх нехта шапнуў, інфарматараў хапае.
Сёння ўважлівая прычына. Пайсці i сказаць: «Людцы дарагіяі Сына жаню. Сёння вяселле. Хіба мне да прыёму?»
Такую прычыну ўважаць.
Але не сказаў — не хапіла духу. Занадта многа людзей чакала яго. Каб менш. Параіў аднаму, даўняму надакучліваму прасіцелю, пайсці да старшыні — загулі, нядобра загулі, агрэсіўна, раней так не рэагавалі. Дэмакратыя! Увайшоў у прыёмны кабінет. Няўважліва павітаўся з сакратаром выканкома Дар’яй Селівонаўнай Гаплік. Распаўнелая жанчына з дзівосна маладым, проста дзявочым тварам (а ў яе дачка нявеста!) — сядзела за асобным столікам, раз лажыўшы добры дзесятак востра заточаных алоў каў, пісала толькі алоўкамі, ручак не прызна вала. Не сказаць, каб Гаплічыха, як яе называлі, была адметным работнікам, але Уладзімір Паўлавіч любіў свайго сакратара, нават ленасць дараваў, бо бяскрыўдная нейкая яна, не раздражняла — як дзіця. Асабліва падабалася хітрая незалежнасць Дашыных поглядаў, разважанняў; прыкідваецца наіўнай, быццам не разумев, а выказвае жорсткую праўду. Начальства вышэйшае, камісіі розныя неаднойчы ўпікалі старшыню: «Адукуй ты свайго сакратара. Яна што — i людзям такое можа ляпнуць?» Можа. Даша ўсё можа. Гарадская легенда. Некалі яна ашаламіла яго, калі выпхнула з кабінета інвалідап’янюгу, які разбушаваўся, надавала ў спіну мяккіх кухталёў, i той не агрызнуўся нават. А каб паскардзіўся — скандал. Але на Дашу ніхто ніколі не скардзіўся, яна была свая — не бюракратка. Уласна, за гэта i цаніў яе старшыня. Жанчына разумела, што чалавеку сёиня не да яе вачэй i языка, хоць часта пачынала справу з таго, што расказвала вясёлыя гарадскія навіны. Адкуль толькі ведала? Не баба, а прэс-цэнтр. Але гэтым яна як бы давала зарадку, настройвала на пэўны лад.
На гэты раз пачала з іншыга, сур’ёзна:
— Хочацца вам, Уладзімір Паўлавіч, займацца сёння?
— Хочацца? Гэтым, — ён кіўнуў на дзверы, — мне ніколі не хочацца займацца. Але… трэба…
— Трэба, — спачувальна ўздыхнула сакратар i ўсё ж паспрабавала стварыць настрой: — Значыцца, жэніцца Глеб?
— Жэніцца.
— А я марыла пасватаць яму сваю Зою.
— З Ірынай у ix даўняя любоў.
— Ведаю.
— Дык чаму ж марыла?
— Ay наш час ніхто не верыць ў такую дваранскую вернасць. Барыс прыляціць?
— Абяцаў. Маці не дачакаецца. Пасватай Барысу сваю Зою. Можа, атабарыцца лятун.
— Барыса — баюся. Дай яму зачэпку — будзеш кусаць локаць пасля. Вы такім не былі ў маладосці, як Барыс?
Ох, хітруня! Завядзе зараз у зялёны гай.
— Кліч. Хто там?
Першай увайшла жанчына з двухгадовай дзяўчынкай на руках, перад сабой упіхнула, як са спадніцы вытрусіла, хлопчыкаў-двайнятак гадоў па чатыры. Была яна маладая, хіба трохі больш за трыццаць, але выцвілая ўжо, змарнелая. Добрая знаёмая, даўняя i, бадай жа, самая цяжкая наведвальніца. Ba Уладзіміра Паўлавіча моцна ўпалі градусы настрою, калі ўбачыў яе. У прыёмнай не бачыў, мабыць, прыйшла пазней, але натуральна, што яе прапусцілі без чаргі.
— Галя! — строга сказала Дар’я, якая адчыніла наведвальніцы дзверы, запрашаючы. — А дзяцей навошта валачэш? Ану, хлопцы, назад!
— А я хачу, каб вы паглядзелі на ix. Глядзі, якія яны ў мяне слаўненькія, — адказала гулліва Галя.
Хлопцы, аднак, былі не з палахлівых — схаваліся за маці, адзін смешна грымаснічаў, паказваў цётцы язык. Але Дар’я схапіла ix за каўнерыкі i, мякка шлёпнуўшы крыўляку па попцы, выставіла за дзверы, уладна крыкнуўшы:
— Бабы! Паглядзіце дзяцей!
Вяртаючыся да стала, паглядзела на наведвальніцу збоку i ахнула:
— Галя! Даўно не бачыла цябе! Зноў? Што ты сабе думаеш?
— А мы з табой, Селівонаўна, любім гэтую работу. Толькі ты разумная: дваіх радзіла — i хопіць. А я так разагналася, што ніях не магу спыніцца.
Дар’я засмяялася Галінаму жарту. Уладзіміру Паўлавічу бьшо не да смеху. Што ён скажа гэтай жанчыне, у якой пяцёра дзяцей — вунь якіх! — i чакаецца шостае. Зноў карміць абяцаннямі? Колькі можна? Ды i час не той. Вунь як распісаліся журналісты! Але не газет ён баіцца — сумлення свайго. Дзякуй богу, не закарэла яшчэ зусім, цепліцца.
— Дык што вы мне скажаце, таварыш Пыльчанка? — апусціўшы малую на падлогу, пад стол, спытала Галя.
Уладзімір Паўлавіч сціснуў галаву далонямі — як спалохаўся, што яна расколецца.
— РАПА здае дом, i ў вас працэнты…
— Не ў мяне — у гарвыканкома.
— Я ж не маленькая, старшыня. Вы мне два гады абядаеце, а цяпер адсылаеце да таго, хто нічога не вырашае, ды i гаварыць з людзьмі не ўмее. Ягор гэты ваш, — у голасе жанчыны зазвінеў гнеў i слёзы.
Ах, было не было!
Старшыня падняўся з крэсла, як бы намерыўся прачытаць уголас урачысты акт ці прыгавор.
— Добра, Быхоўская. Праз месяц будзеш у кватэры. У гэтым рапаўскім доме. Тры пакоі. Большай няма.
— Праўда? — усміхнулася жанчына. — Не будзе яшчэ а дна абяцанка?
— Слова камуніста!
У Дар’і расшырыліся вочы: насмешлівы, як i яна, старшыня ніколі не рабіў такіх узнёслых заяў. Дзе ён возьме тую кватэру?
А Галя як пакланілася — падхапіла малую, загадала ёй:
— Скажы дзядзю дзякуй.
Дзіця памахала ручкай.
— Дзякуй вам, Уладзімір Паўлавіч. Сёйня я паверыла вам. Прабачце, першы раз, — i засмяялася, адступаючы да дзвярэй, як бы спяшаючыся выйсці, каб не аднялі радасць. — Віншую вас.
— З чым?
— А як жа! Сын жа жэніцца.
— Дзякую, Галя… Фёдараўна.
— Фядосаўна.
— Прабачце.
— Ой, што вы! Хіба ўсіх запомніце! Дык я прыйду…
— Праз тыдзень. Па ордэр.
— Ой! — вырваўся ў яе радасны спалох.
Выйшла яна — адразу ў дзверы сунулася непаголеная фізіяномія мужчыны. Гэтага таксама ведалі, i Дар’я строга кінула яму:
— Пачакай! Запросяць цябе.
Уладзімір Паўлавіч здзіўлена паглядзеў на свайго ўладнага сакратара. Іншым разам пажартаваў бы, але сёння не да жартаў.
— Дзе вы возьмеце гэтую кватэру?
— Забяру тую, што аблюбаваў сабе другі.
— Так вам i аддадуць!
— Дарагі памочнік мой! Ты дрэнна чытаеш газеты. Адраджаецца лозунг: «Уся ўлада — Саветам!»
— Лозунг адраджаецца, ды ўлада не прыходзіць. З’ядуць яны вас.
— Я, Дашанька, так задубянеў, што мяне не раскусіць. Слухай, пазвані ты Кацярыне, няхай яна падменіць мяне. Не тым галава занятая. Наабяцаю тут… на радасцях. Пайду да вяселля рыхтавацца. А то Андрэеўна мая запарылася.
Самае цяжкае — прайсці міма людзей, якія чакалі прыёму; ведаў, што намеснікамі не задаволеныя, кожнаму давай старшыню — не ніжэй. А старшыня — не Ісус Хрыстос, адным боханам не накорміць пяць тысяч.
Мімаволі ўціснуў галаву ў плечы, не глядзеў на людзей. У патыліцу ўдарылі словы:
— Зноў уцякае наш дабрадзей.
— Бюракрат!
— А што яму да нас!..
— Зажраўся.
— Не пайду я да гэтых тоўстых баб. Яны толькі ўздыхаюць, як апоеныя коні.